КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн. тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчую — адм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп. расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.
М.Ю.Пасюк.
т. 8, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)